Чашніцкі райвыканкам прадае права на здабычу вінаградных смаўжоў

Аўкцыён за права на нарыхтоўку або закупку вінаградных смаўжоў (Helix pomatia) абвясціў Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт.

Пачатковы кошт ліцэнзіі на права цягам 5 гадоў здабыць 13,5 тоны вінаградных смаўжоў, што складае палову ад прамысловага запаса, выстаўлены ў 1 400 000 рублёў. Прыняць удзел у аўкцыёне, які адбудзецца 24 лютага, могуць прадпрымальнікі або юрыдычныя асобы. Заяўкі трэба падаць да 20 лютага.

У Віцебскай вобласці такі аўкцыён пройдзе ўпершыню, але ў Беларусі вінаградных смаўжоў здабываюць даўно. Сёлета права на іх нарыхтоўку было ўжо прададзена ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці за 970 000 рублеў, што перавысіла пачатковы кошт толькі на 38,5%.

Згодна беларускаму заканадаўству здабываць можна толькі смаўжоў з ракавінай памерам болей за 26 мм. У Віцебскай вобласці нарыхтоўка гэтых малюскаў забароненая ў перыяд з 15 ліпеня па 1 верасня.

З вінаграднага смаўжа ў Еўропе гатуюць вытанчаную страву эскарго (Escargots de Bourgogne). У Францыі, Швейцарыі, Аўстрыі і Германіі гэты від рэдкі і абараняецца законам, таму яго закупляюць за мяжой, напрыклад у Грэцыі. Порцыя з 12 малюскаў у рэстаране абыдзецца прыкладна 20 еўра. Беларускі вінаградны смоўж французскімі партнёрамі закупаецца па кошце 4–5 еўра за кілаграм, а зборшчыкам нарыхтоўшчыкі звычайна плацяць па 25 еўрацэнтаў за той жа кілаграм.

Зараз у Беларусі Helix pomatia насяляе пераважна былыя панскія сядзібы і паркі. Лічыцца, што на тэрыторыі ВКЛ вінаградныя смаўжы з’явіліся ў XVI стагоддзі, а завёз іх Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Хаця найбольш верагодна, гэтыя малюскі былі завезеныя з тэрыторыі Польшчы каталіцкімі манахамі, якія ўжывалі іх як дапаўненне да расліннай ежы падчас шматлікіх пастоў.